КО́ЙДАНАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР Існаваў з пач. 17 да сярэдзіны 20 ст. ў мяст. Койданава (цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 у стылі готыкі Крыштофам Мікалаем Радзівілам Перуном на месцы стараж. гарадзішча (вядомы пад назвай Койданаўскі замак). Пры буд-ве выкарыстана цэгла на вапнава-пясчанай рошчыне. У 1884 перабудаваны.
Мураваны прамавугольны ў плане храм зальнага тыпу з 5-граннай апсідай (абапал мела 2 сакрысціі) і 4-яруснай вежай-званіцай (2 васьмерыкі на 2 чацверыках). Асн. аб’ём, бакавыя сцены якога былі ўмацаваны контрфорсамі і прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, быў накрыты высокім 2-схільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Вежа-званіца з гадзіннікам у верхнім ярусе завяршалася шатром, сцены праразалі высокія арачныя аконныя праёмы і круглыя байніцы. Тэрыторыя, абкружаная валамі і вадзяным ровам, была ўмацавана мураванай сцяной і 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі (мелі па 6 байніц). Праз роў быў перакінуты драўляны мост вянковай канструкцыі з размаляванай балюстрадай. На тэр. збору знаходзіліся мураваны будынак плябаніі, драўляныя будынкі 2-класнай кальвінскай школы (існавала да сярэдзіны 19 ст.), шпіталя, жылыя і гасп. пабудовы. У К.к.з. захоўвалася Брэсцкая біблія 1563. Комплекс моцна пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, пазней разабраны.
Літ.:
Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.
Ю.А.Якімовіч.
т. 8, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)